СУЭ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1956,

міжнародны канфлікт, выкліканы нацыяналізацыяй 26.7.1956 Егіптам Суэцкага канала. Імкнучыся аднавіць кантроль над каналам, яго б. ўладальнікі Вялікабрытанія і Францыя заключылі сакрэтнае пагадненне з Ізраілем пра сумесныя дзеянні супраць Егіпта. Пад маркай барацьбы супраць рэйдаў палесцінскіх партызан на тэр. Ізраіля і егіпецкай блакады Тыранскага прал., ізраільская армія атакавала 29 кастр. егіпецкія войскі на Сінайскім п-ве і рушыла ў напрамку Суэцкага канала. Урады Вялікабрытаніі і Францыі прапанавалі сябе ў якасці «пасрэднікаў», запатрабаваўшы ва ультыматыўнай форме абодва бакі адысці на 10 міль ад канала; англ. і франц. войскі павінны былі заняць зону канала, нібыта для раз’яднання егіпецкай і ізраільскай армій. Егіпецкі ўрад адхіліў ультыматум, і 31 кастр. англа-франц. авіяцыя атакавала егіпецкія войскі і бамбіла Порт-Саід. 5 ліст. аб’яднаныя англа-франц. войскі высадзіліся ў зоне канала і акупіравалі яго паўн. частку. Гэтыя дзеянні выклікалі пратэсты сусв. супольнасці. Урад СССР пагражаў умяшаннем на баку Егіпта. Гэта прымусіла ўрады Вялікабрытаніі і Францыі пагадзіцца 7 ліст. на перамір’е і вывесці свае войскі з зоны канала да 22 снежня. Войскі Ізраіля да сак. 1957 пакінулі Сінай і сектар Газа. Такім чынам С.к. 1956 скончыўся поўнай няўдачай для Вялікабрытаніі і Францыі.

т. 15, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)